УЛАДЗІ́МІР АНДРЭ́ЕВІЧ ХРА́БРЫ (15.7.1353—1410),
ваен. і дзярж. дзеяч Маскоўскага княства. Удзельны князь серпухаўскі [1358—1410] і бароўскі [1386—1410]. Унук Івана I Каліты, стрыечны брат і паплечнік Дзмітрыя Іванавіча Данскога. Неаднаразова ваяваў з паліт. праціўнікамі Масквы і з ВКЛ (1370, 1379). У час Кулікоўскай бітвы 1380 разам з кн. Дз.М.Баброк-Валынскім камандаваў засадным палком, які вырашыў зыход бітвы (за гэта празваны Храбрым). У 1382 каля г. Волак Ламскі разбіў перадавы атрад хана Залатой Арды Тахтамыша, чым паскорыў яго адыход з Русі. У 1408 кіраваў абаронай Масквы ад войск хана Едыгея, якога прымусіў адступіць.
т. 16, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)